Гурт Akute скончыў працу над новым студыйным альбомам, які атрымаў назву «Не існуе». Канцэртныя прэзентацыі дыска адбудуцца 8 красавіка ў Магілёве і 21 красавіка ў Мінску.         
                    Гэта другі паўнафарматны альбом у дыскаграфіі калектыва. На ім будзе 10 песень, у тым ліку загалоўная кампазіцыя выдадзенага ў лютым «Кроў EP». Запіс дыска праходзіў у Магілёве, а звядзеннем займаўся мінскі гукарэжысёр Яўген «Кідас» Сухавей.         
                    «У параўнанні з дэбютам, гэты альбом больш востры па гучанні, больш жорсткі па настрою і тэкстах. Мяркую, што ў ім больш таго самага дыска-дэкадансу, да якога нас любяць адносіць», — распавёў вакаліст гурта Стас Мытнік.         
                    Канцэртная прэзентацыя ў Мінску (21 красавіка, клуб Re:Public) стане першым сольным канцэртам Akute ў сталіцы. Адмысловым госцем будзе мінскі гурт hum flying bulletproof noodle. На прэзентацыі альбома ў Магілёве (8 красавіка, клуб Cuba) таксама не абыйдзецца без цікавых гасцей — гуртоў «Петля Пристрастия» (Мінск) і John Doe (Магілёў).         
                             «Канцэрт у Мінску будзе самым вялікім і самым адказным у гісторыі Akute — зайграем абодва альбомы і нават трохі больш», — абяцае бас-гітарыст калектыву Раман Жыгараў.         
                    Тым часам дэбют Akute «Дзевачкі і космас» увайшоў у лік лепшых беларускіх альбомаў 2011 года па выніках узнагарод Experty.by. Гурт таксама намінаваны на пяць узнагарод на «Рок-каранацыі», якая мае адбыцца 31 сакавіка ў Маладзечна.         
               
Комментариев нет:
Отправить комментарий