Даючы два гады таму на Ultra-Music Awards маладому і тады яшчэ малавядомаму гурту Akute прэмію «Дэбют году», мы не памыліліся. Ужо праз паўгады яны паехалі на be2gether і перамаглі на «Басовішчы», а яшчэ праз паўгады выдалі дэбютны альбом. Цяпер яны прэзентавалі сваю другую плытку і ўпэўнена ўвайшлі ў першы эшалон беларускіх рок-гуртоў.
Напэўна, галоўнае пытанне, якое хвалявала ўсіх, ці здолее Akute сабраць людзей на сольны канцэрт у Re:Public. Аншлагу не атрымалася, але і вольнага месцу на танцполе не было. «Ого! Дык дафіга людзей», — здзіўляўся адзін са знаёмых аматараў гурта, шукаючы месца, дзе лепш будзе гук. Зрэшты, з гэтым праблем было менш, чым звычайна ў Re:Public: гітарныя партыі былі чутныя, а словы можна было разабраць.

Невялічкі разагрэў магіляўчанам зрабілі мінскія пост-рокеры hum flying bulletproof noodle, пасля чаго традыцыйна без лішніх словаў выйшлі самі Akute. Толькі выканаўшы першыя два трэкі, яны сціпла павіталіся з публікай: «Як настрой?» Па рэакцыі людзей, па тым, як яны падпявалі як старыя, так і новыя песні, як танчылі і пляскалі ў далоні, стала зразумела, што настрой у людзей выдатны і прыйшлі яны мэтанакіравана паслухаць Akute.
«Хлопцы — малайцы», — толькі і было чутна ў размовах вядомых у музычнай тусоўцы людзей. Паглядзець на калег па цэху прыйшлі і вядомыя музыкі, сярод якіх былі Ілля Чарапко-Самахвалаў, Саша Ракавец, Віталік Артыст, Дзянiс Фiлiпенка… Цікаўнасць да Akute зараз сапраўды вялікая.
Адыграўшы амаль увесь новы альбом, музыкі зрабілі невялічкую паўзу, каб вярнуцца на сцэну з акустычнымі гітарамі. «Кроў бы вада», «Непазбежна», «Прамяні»… і зноў электрычны драйв, але ўжо з гітамі з першага альбому. Зайгралі нават схаваны бонус-трэк «Не прачнемся», які музыкі прапанавалі лічыць прэмьерай: «Усе пытаюць, чаму мы ніколі не граем гэтую песню. Таму лічыце, што мы ўпершыню выконваем яе ў Мінску».

Канцэрт скончыўся бісам з ужо электрычным варыянтам «Кроў бы вада», пасля якога музыкаў наўпрост сцягнулі ў натоўп і не хацелі адпускаць. Зрэшты яны самі хутка вярнуліся, каб раздаць усім ахвочым аўтографы на плакатах і на толькі што надрукаваных дысках.
«Проста шыкоўна! Столькі эмоцый, такія файныя песні! Я нават ня думала, што ў нас могуць так граць», — з трымценнем казала адна з наваспечаных фанатак гурта сваёй сяброўцы на выхадзе з клубу.
Akute робяць сучасную еўрапейскую музыку, але на роднай мове. Можна нават сказаць, што сваёй папулярнасцю яны ўшчэнт разбілі стэрэатып, маўляў, беларускамоўная музыка існуе выключна ў змагарскім асяродку (такіх выказванняў можна дастаткова знайсці на прасторах сацыяльных сетак). Застаецца спадзявацца, што іх прыкладам скарыстаюцца і іншыя гурты, як тое было напачатку 90-ых.
Комментариев нет:
Отправить комментарий