Мінскі панк-рок-гурт Monkey Bite зняў свой першы кліп — канцэртнае відэа на песню «Камяні», запісанае падчас нядаўняга канцэрту гурта ў культавым клубе «Графіці».
Панк-рокеры Monkey Bite за мінулы год адзначыліся шэрагам канцэртаў у мінскіх клубах, у тым ліку на 7-годдзі парталу «Тузін Гітоў», запісалі дэбютны аднайменны EP, а напачатку бягучага году атрымалі прэмію за лепшы дэбют па выніках Ultra-Music Awards 2011, дзе выступілі разам з гуртамі «Петля Пристрастия», IQ48, Pomidor/Off, «Троіца» і The Stampletons. Зараз музыкі прэзентуюць свой першы кліп.
«Мы падумалі, што ўсе пачалі здымаць такія крутыя кліпы з кучай эфектаў, але гэта ўсё х**ня насамрэч! Лепш за ўсё атмасфэру гурта перадае канцэртны выступ. Таму мы і вырашылі зняць канцэртнае відэа», — кажа гітарыст гурта і аўтар большасці песен Сяржук Zuker Ляпуць. Відэа было запісанае падчас нядаўняга сольнага выступу гурта ў культавым мінскім клубе «Графіці».
«Сюжэт зусім просты і грунтуецца на тым, як мы каўбасімся і як гэта адчувае публіка. Гэта самае галоўнае, — адзначае Сяржук. — Ёсць такія песні, якія хочаш-не хочаш, насуперак табе, робяцца сыпмтаматычнымі. „Камяні" як раз з такіх песен. Яна пра ўнутраныя і знешнія перашкоды, якія чалавек перамагае для дасягнення сваёй унутранай свабоды».
Ужо 11 траўня паслухаць «Камяні» і іншыя песні Monkey Bite можна будзе зноў жа ў «Графіці», на гэты раз на сумесным канцэрце з IQ48.
Комментариев нет:
Отправить комментарий